ПІРЫМІДЗІ́НАВЫЯ АСНО́ВЫ, пірымідзіны,

прыродныя вытворныя пірымідзіну. Уваходзяць у састаў нуклеінавых кіслот, нуклеатыдаў, каферментаў і інш. біялагічна актыўных злучэнняў. У малекулах нуклеінавых кіслот акрамя кананічных П.а. — цытазіну (4-аміна-2-пірымідон), тыміну (5-метыл-пірымідзін-2,4-дыен), урацылу (пірымідзін-2,4-дыен) ёсць, у адносна невял. колькасці, т.зв. мінорныя П.а. (5-метылцытазін, 5-карбаксіметылурацын і інш.). Паслядоўнасць пурынавых і П.а. у полінуклеатыдным ланцугу вызначае генетычную інфармацыю ДНК і матрычных РНК.

П.а. — бясколерныя высакаплаўкія (tпл >300 °C) крышталі. Раствараюцца ў гарачай вадзе, нерастваральныя ў этаноле і дыэтылавым эфіры. Існуюць у таўтамерных формах. Біясінтэз П.а. у клетках адбываецца ў выніку ператварэнняў вытворных аротавай кіслаты. Атрымліваюць звычайна метадам кіслотнага гідролізу нуклеінавых кіслот.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 12, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)